epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ускраіна

Я да цябе, ускраіна, калісь

Прыходзіў што ні дзень з будаўнікамі.

Звінела кельма, і няспынна ўвысь

Расла сцяна цаглянымі радкамі.

Я адчуваў, як пад маёй рукой

Будынак светлы распрамляе плечы.

І ты пераставала быць глухой

Ад кожнай нашай новае сустрэчы.

Паўсталі гмахаў стройныя рады,

Фабрычны комін неба падпірае...

З завулка вырас горад малады,

Які мяне гудкамі сустракае.

І хоць у мур кладзе рука мая

Цагліны не на вуліцы цэнтральнай,—

Ды сцежка, па якой ступаю я,

Становіцца

Дарогай магістральнай.