epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Уваходзяць, як законныя..."

Уваходзяць, як законныя,

У кватэру жыхары.

Хто вы, хлопцы электронныя?

Вы рабы ці ўладары?

 

Горла — медная пасудзіна:

Заціхай у зале, шум!

Робат-лектар распаўсюджвае

Праграміраваны сум...

 

І з паставай незалежнаю

На нарадах — дай загад —

Рад узняць руку жалезную

Кожны робат-дэлегат.

 

У цікаўных шыі-хобаты,

Дзе ж такое ўбачыш ты:

Чалавека судзяць робаты

За злачынства дабраты...

 

Б’ём у ладкі мы з пашанаю:

Робат — гулкі вакаліст

Песеньку хрыпіць бляшаную,

Як заслужаны артыст...

 

Можа, я аб гэтым робаце

І апошні верш пішу?

Робаты, няўжо вы ўгробіце

Чалавечую душу?

* * *