epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ужо гады па восень..."

Ужо гады па восень хіляць,

Хада мая —

усё цяжэй.

Галіны дрэў —

ніжэй, ніжэй;

Як ім плады свае асіліць?

 

Шчыміць даспелы спеў душы.

О гэты міг уцехі сумнай

Дарыць у жнівеньскай цішы —

Што сеяў ты вясною шумнай!

 

І час узважвае дары

Тваёй любві, тваёй пяшчоты.

Відаць, у кожнае пары

Свае нялёгкія турботы.

 

Згінаецца галлё на плот,

Світаюць яблыкі між лісця...

Чаму набіў аскому плод,

Што гэтак спакушаў калісьці?