epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Вар’ят і вайна

Паводле нямецкай народнай казкі

З травінкай любой размаўляў ён без слоў,

Блукаючы ў джунглях аеру.

Віталі вар’ята кіўкамі галоў

Гарлачыкі ў белых самбрэра.

 

А полем узбоч без дарогі ішлі

У касках гарбатых салдаты.

І следам за імі — да сонца з зямлі —

Узносіўся пыл ружаваты.

 

Наўсцяж прасавалі яны збажыну —

Пад ботамі гнулася сцежка.

— Куды вы? —

Спытаўся вар'ят.

— На вайну!

Хіба ты не бачыш, даўбешка?!

 

Галодны крумкач на высокай сасне,

За войскам цікуючы, кракаў...

— А што вам, салдаты, рабіць на вайне?

Вар'ят непакоіў ваякаў.

 

Тапырачыся, нібы напаказ,

Штыкі палымнелі пад сонцам.

— Паліць!..

— І расстрэльваць!..

— І нішчыць!..—

Адказ

Каціўся над строем бясконцым.

 

— Навошта? —

Не здолеўшы ўцяміць, відаць,

Ускрыкнуў вар’ят анямела.

— Каб зноў нараджаць!

— Каб зноў будаваць! —

Вясёлае войска грымела.

 

Гула ад абцасаў зямля, нібы звон,

Губляючы водгулле ў жыце.

І кінуў ваякам вар’ят наўздагон:

— Дык хто з нас вар’ят, адкажыце?

* * *