epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ваза

Дарыла мне жанчына вазу

Усёй істотай трапяткой —

І подых музыкі адразу

Напоўніў мой увесь пакой.

 

Як толькі здолела рука

Схіліць метал да паслушэнства

Што я ў здзяйсненні мастака

Лаўлю з табою падабенства!

 

Чаму натхнёна так, скажы,

Разцом красу тваю адзначыў

Разьбяр нязнаны і чужы,

Які цябе ў жыцці не бачыў?

 

...Застыўшы ў постаці адной,

Загадку тоячы сур’ёзна,

На тонкай ножцы грацыёзна

Яна стаіць перада мной.

 

А ледзь крану — і запяе,

Агучыць далечы і шыры!

І смех твой непаўторна шчыры

Звініць у музыцы яе.

* * *