epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Вянок любві народа

Максіму Багдановічу

Юначае душы парыў гарачы

І дум высокіх бліскавічны ўздым

Аддаў ты мужнай песні да астачы,—

Каб у жыцці застацца маладым.

Бой абвясціўшы бастыёнам гвалту,

Спяшаўся ты ў засмужаную даль,

Да незалежных гордых гор у Ялту,

Каб поруч быць з адвечным бунтам хваль...

Паслухай сёння, як у белы май,

Выходзячы гурбой на бераг стромкі,

Пяюць пра вольны беларускі край

Ткачыхаў слуцкіх вольныя патомкі.

Той, хто сваё акрыленае сэрца

Спаліў паходняй у імя жыцця,

Сярод жывых і зараз на паверцы,

Не падуладны цемры забыцця.

Прынеслі мы табе свой шчыры дар —

І дзе яшчэ вышэй узнагарода! —

Народных мар, народных дум пясняр,

Прымай вянок любві свайго народа.