epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Век з рэактыўнай..."

Век з рэактыўнай хуткасцю імкне,

Мы нездарма яму хвалу прапелі.

Адлегласць колы,

Вышыню прапелер

Адольваюць,

Узносячы мяне.

Хай сёння я на Млечны Шлях ступіў,

Усіх маіх здзяйсненняў таямніцы

Бяруць вытокі з той зямной крыніцы,

З якой і я рукамі неба піў.

Чаму ж я не крычу:

«Спыніся, міг!»,

Калі да зорак здолеў дакрануцца?

Чаму мяне так вабіць азірнуцца?

З маіх вышынь,

З адлегласцяў маіх?

Туды,

дзе жыта б’ецца ў небакрай,

Дзе я бягу па зорных росах босы...

Не забірай,

датэрміновы рай,

У ног —

зямлю,

У галавы —

нябёсы.

* * *