epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Вельмі хочацца азірнуцца..."

Вельмі хочацца азірнуцца —

След пакінуты вабіць вока.

Вельмі хочацца дакрануцца

Да таго, што цяпер далёка.

 

Завітаць да юнацтва ў госці,

Што як ранняй вясной праталіна.

Дакрануцца да маладосці,

Што дыханнем вайны апалена.

 

Заміраючы на парозе,

Азіраемся перш, як стукнем.

Мы жывём у штодзённай трывозе

На парозе былога з наступным.

 

Зноў памножыцца ўсё, што страчана

На сцяжынах крутых к вышыням.

Шлях наш пройдзены — наша спадчына,

Што нашчадкам сваім пакінем.

 

Толькі ў спешцы не спатыкніцеся:

Сцежкі ў заўтра — над прорвай кладкі.

Прыпыніцеся, азірніцеся...

Хто там ломіцца без аглядкі?