epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Вер ты мне..."

Вер ты мне аднаму —

Я цябе люблю!

Я цябе абдыму,

Цеплынёй атулю...

Што маўчыш у чаканні ты?

Як у боскім эдэме жыві

У далонях маёй дабраты,

У далонях маёй любві.

Хіба знойдзеш утульней кут,

Дзе так хораша быць удваіх?

Я пазбаўлю цябе ад пакут,

Ад турбот —

ад тваіх і маіх.

Занясу апаўночы ў сон,

Пацалункам на золку збуджу.

Я на вуліцы,

як парасон,

Уратую цябе ад дажджу.

Захіну ад залётных вятроў,

Засланю ад чужых вачэй,

І ад ворагаў, і ад сяброў...

Хіба мала? Заходзь хутчэй!

Ах, упартая пташка мая,

І куды толькі пырхнула ты?

Трапяткімі рукамі я

Абдымаю прастор пусты.

* * *