epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Верасень на дварэ..."

Верасень на дварэ —

Ад спёкі дыміцца ніва.

Лета рэванш бярэ

За холад і дождж у жніва.

 

У верасні верас гарыць

Гэтак ахвярна і ярка,

Што можаце прыкурыць

Вы ад яго цыгарку.

 

Нябесны аздобіўшы дах,

Як дзіўныя дырыжаблікі,

Святліва трымцяць у садах

Яблыкі,

Яблыкі,

Яблыкі...

 

Верасень на дварэ

Сонцы страсае, як волат.

Лета рэванш бярэ

За жнівеньскі дождж і холад.