epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Вілія

Віляеш ты між вольхаў, Вілія,

Заступніцтва ў зялёных ценяў просіш.

Свой плёскат тонкі — лепет ручая —

Нібыта бунт прыглушаны, разносіш.

 

На берагах тваіх трыснёг зачах,

Як ад сухотаў безнадзейна хворы,

Ты ад спякоты сохнеш на вачах...

Няўжо ты марна марыла аб моры?

 

Дзе хваль тваіх вясновых крутаверць,

Што калыхала домікі, як лодкі?

Было — сплыло...

З касой пясчанай смерць

Вось-вось падступіць да

засмяглай глоткі.

 

З рыбацкай хваткай вуду акуні —

Клююць, нібы шавецкімі цвікамі,

Пячкурыкі...

Язі ды акуні

У бездань рэк вялікіх паўцякалі.

Растане пад затокамі туман —

І як тады ад яснасці не вохнуць,

Што можа задыхнуцца акіян,

Калі яго прытокі перасохнуць!

 

Раптоўны дождж, прыйдзі ж хутчэй сюды

І дай гаючых кропель, быццам доктар.

Маўчаць грамы, набраўшы ў рот вады,

Замкнуўшыся ў сваіх вышынных дотах.

* * *