epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Вітаюся з табою..."

Вітаюся з табою

На адлегласці,

Паціскаючы не руку,

А тэлефонную трубку.

Цалуюся з табой

На слове,

Якое адчайна вянчае

Паштоўкі мае.

Пацалункі мае папяровыя —

Папяровыя ружы.

Якія не пахнуць.

Ты ад мяне далёка,

Як зямля,

Якую адчуць не магу

На дотык,

Бо на яе гвалтоўна

Надзелі

Кашулю з бетону...

Мы гэтак далёка

З табою зайшлі,

Што на зямлі

Шукаю зямлі,

Хоць з векам маторным

Ужо не расстацца,

А трэба вяртацца...

Калодзеж, дай мне

Дзённых зор вядзерца:

Вяртаюся да рук,

Вяртаюся да губ,

Вяртаюся да сэрца.