epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ворыва

Мне падабаецца ворыва:

Нырае нарог да паловы,

Зямля зачапляецца здорава,

Як за кручок рыбалова.

Скачыце ад радасці, дзежкі!

Народзіць грудастая глеба

І зерне, і добрыя ўсмешкі

Тых, хто чакаюць хлеба.

З усіх перамог перамога —

Братэрства зямлі і метала.

Я знаю,

мяне самога

За плугам не раз матала.

Пралягуць барозны доўгія

Блішчастаю русай палоскаю.

Глядзіце —

зямля аздоблена

Такою цудоўнай прычоскаю,

Нібы грабянцом умела

Правёў па планеце хтосьці...

Вось гэта, я разумею —

Клопат аб прыгажосці!