epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Вучыць бацька мяне араць

Поле. Ранак. Аратых раць.

Ходзіць кругам уся акруга.

Вучыць бацька мяне араць —

Я ледзь-ледзь дастаю да плуга.

Я, здаецца, ледзь-ледзь іду:

Водзіць сіла мяне сляпая...

Ды ўтрымаюся, не ўпаду,

Калі поруч настаўнік ступае.

Кажа бацька: — Бяры глыбей!

І палоніць раллі адчуванне.

Скача сэрца, як верабей,

Ад шчымлівага хвалявання.

З неба штосьці мне раіць жаўрук,

Штосьці шэпча мне ветрык на вуха.

Спасцігаць як навуку навук

Мне цябе, глыбіняў навука.

Лёс мой думны — жытнёвы лёс

Неруш поля нарогам адродзіць.

На зямлі і ў вышынях нябёс

Зноў і зноў мне барозны праводзіць...

З кожнай новаю баразной

Свет мне робіцца большым другам.

Плуг спачатку валодаў мной,

А цяпер я валодаю плугам.

Пачакай, не ўцякай, вышыня:

Да цябе яшчэ дабяруся!

Хіба, зорная, ты пс радня

Поля жытняга Беларусі?

Калі поруч аратых раць,

Не ўпаду я, дайду да сонца,

Што хавалася ў баразёнцы...

Вучыць бацька мяне араць.