epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Вучылі мяне з маленства..."

Вучылі мяне з маленства —

Слухацца трэба.

За ўпартае непаслушэнства

Не раз пакідалі без хлеба.

Не споўніш загад бацькі,

Маткі, сястры, цёткі,

Новай пазбавяць цацкі —

Лялькі або бразготкі.

А то і наладзяць лазню

Аматару пасваволіць,

Паставяць у кут, як вязня,

На дзесяць хвілін зняволяць.

Іх словы лаві вушамі,

Употай сціскаючы зубы.

Чыняць над малышамі

Старэйшыя суд грубы.

Літасці аніякай,

Быццам па абавязку

За аплявуху — дзякуй,

Як за сваяцкую ласку.

Маленства мяне непакоіць,

Хоць выйшаў даўно з маленства,

А ўсё не магу засвоіць

Навуку паслушэнства.

Не памудрэў з узростам:

— Дурань! —

разумнікі енчаць.

Гэта ж зусім проста —

Укленчыць.

* * *