epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Вуліца. Асфальт. Сляды..."

Вуліца. Асфальт. Сляды.

Рух адвечны, мурашыны

Чалавечай грамады...

Капыты. Падэшвы. Шыны.

 

Ты ідзеш — і я іду.

Едзеш — я таксама еду.

Шлях усмешкаю суседу

Асвятляю на хаду.

 

Як найлепшая з дарог

Вуліца кладзецца ўпокат

Да людскіх нястомных ног.

Шолах. Шоргат. Стукат. Цокат.

 

Цісну хуткасць — уздыханні

Я б яшчэ паскорыць мог...

Светафор на скрыжаванні

Валадарыць, быццам бог.

 

Хочацца, прагнаўшы скруху,

У разбегу верыць мне,

Што машын ілбамі ў руху

Вуліца не сутыкне...

 

Светафор, чаму з нядзелі

Воч тваіх паблякла шкло?

Ты аўтобусу надзеі

Дай зялёнае святло!