epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Выбачай, што не знаю..."

Выбачай, што не знаю імя тваё, птах,

Невядомы спявак, безыменны саліст,

Рассыпаючы звонкае дзіва ў кустах,

Скачаш з дрэва на дрэва, з ліста на ліст.

Ты збудзіў мяне дотыкам неба ад сну,

Расчыніўшы на досвітку дзверы ў вясну,

Я, аглушаны пошчакам срэбным, стаю,

У пакой упускаючы песню тваю.

Ты вясёлаю нотай сваёй цішыню

Пранізаў, нібы промень, што бліснуў з-за хмар,

Падарыўшы зямным слухачам вышыню

Летуценняў блакітных, агучаных мар.

Заціхае ў зняменні трава і ліства,

Заміраюць і людзі, і дрэвы наўкол,

Калі ты запяеш, уладар хараства,

Недасяжнага неба крылаты пасол.

Гаспадыня, не ў сілах стрымаць пачуцця,

Да акна падаецца ад дымнай пліты.

Угару галаву задзірае дзіця:

— Звонкі песенны цуд, дзе хаваешся ты?

Гэй, паслухай, няўлоўная пташка, прашу,

Я табе адкрываю, як сябру, душу.

Я таксама над песняй не сплю да відна —

Ды чаму чалавецтва не будзіць яна?

Таямніцу мастацтва свайго адамкні,

Навучы вышыні, навучы чысціні.

Навучы, як трымацца ў палёце заўжды,

Навучы, як, адводзячы хмары бяды,

Ад зямлі да нябёс працягнуўшы струну,

Славіць вечнаю песняй жыццё і вясну!

* * *