epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Выхадны

Дзень добры, выхадны:

Бярозы, біце ў бубны!

Парады ў нас адны —

Таксама, як і будні.

Да росных мурагоў,

Да дрэў і птушак весніх,

Як рэкі з берагоў,

Са сцен выходзім цесных.

Ускінулі гаі

Галін зялёны парус.

Душу сваю гаі

Яго дыханнем зараз.

Ад духаты кватэр,

Ад чаду вуліц тлумных

Лячы сябе цяпер

Жывіцай сосен думных,

Пяшчотай дрогкіх траў,

Бязмежнасцю прасторы,

Якую ў нас украў

Заслон аконнай шторы...

Выходзь з былых граніц,

З утульнай хатняй плесні

Да чысціні крыніц

Твайго жыцця і песні.

Выходзь у выхадны

І адшукаеш выйсце,

Як зерне з баразны.

І як з пупышкі лісце...

Здароўем мімаходзь

Цябе вятры напояць —

Выходзь, выходзь, выходзь

Да вечнасці на споведзь!

* * *