epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Выходзячы ў дарогу..."

Выходзячы ў дарогу,

Калі святло займаецца,

Тралейбус дротам строга

За лінію трымаецца.

 

Людскі паток заўсёды

Узбоч, як ток трываласці.

Шыбуюць пешаходы —

І хто за што трымаецца.

 

У таўкатні праспекта

Студэнт у рыжай маечцы

За дудачку канспекта,

Нібы за лёс, трымаецца.

 

Цвічок-абцасік тоненька

Рыпіць, ды не ламаецца.

Дзяўчына, як за коніка,

За сумачку трымаецца.

 

З партфелем не па чыну

Мужчына абнімаецца,

Як кучар за ляйчыну,

Ён за яго трымаецца.

 

А ты, мая бяссонніца,

Зямля мая, як маешся?

Адно за промень сонечны

Ты, як і я, трымаешся...