epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Вышыні нам даюцца..."

Вышыні нам даюцца з боем

Ці ты стары, ці малады.

Не патурай уласным болям,

Не паўтарай свае сляды.

Не пераймай таго, хто важна

Хвалой ліслівай лашчыць слых,

Становячыся незаўважна

Рабом сваіх удач былых.

Хай, закасаўшы рукавы,

На свой партрэт наводзіць глянец

Самаздаволены ўтрыманец

Заслугі даўняй — удавы.

Калі настойлівая стома

Салодка хіліць на спачын,

Даводзячы, што ты ўжо дома,

Ступі яшчэ хоць крок адзін.

І, як нязнаная планета,

Гукне зямля далей ісці...

Адчуеш ты, што, можа, гэта —

Галоўны крок твой у жыцці.

* * *