epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Вывучаю замежныя мовы..."

Вывучаю замежныя мовы —

Птушак і дрэў,

Ветру і каменя,

Вады і агню...

Мне трэба дамовіцца з імі.

Баюся,

Каб птушкі

Аднойчы

Не адляцелі

У незваротны вырай,

Не знайшоўшы, дзе прызямліцца

На далоні маёй...

Хачу,

Каб на мяне дрэвы

Не глядзелі як на забойцу,

Які толькі і наравіць

Секануць па іх

Тапаром.

Я ветру аддаў

Крылы ветракоў і парусы,

Але яму мала —

Разбушаваўшыся,

Часам

Зрывае дахі з дамоў,

Як шапкі.

Колькі разоў

Я прасіў у каменя:

Будзь сцяною палаца,

Будзь маставою вуліцы,

І не трэба ляцець

У напрамку —

Да чалавечага чэрапа!

Але камень

Маўчаннем

Адказваў.

І з вадой у мяне

Клопатаў хопіць:

То я без яе смагну,

То яна мяне топіць.

А як без агню пражыць на зямлі?

Агонь, сагрэй,

Агонь, не спапялі!

Вывучаю замежныя мовы —

Птушак і дрэў,

Ветру і каменя,

Агню і вады...

Мне з імі дамовіцца трэба.