epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"З адлегласці так ясна..."

З адлегласці так ясна бачыцца

Увесь абсяг твайго былога,

Дзе ўжо нішто не перайначыцца,

Дзе ўжо не зменіцца нічога.

 

І нават воляй усявышняга

Цяпер цябе туды не выправіць,

Дзе вопытам рупліўца ўвішнага

Ты мог бы столькі многа выправіць.

 

Ты больш па дробязі не сварышся.

Ты падае*ш у час дакладна

Выратавальны круг таварышу,

Якога вір калыша ўладна.

 

Знітоўваюцца швы адразу:

Як доктарам, табою вынята

Соль незагойнае абразы,

Якая ў сэрца любай кінута.

 

Тваё маўчанне палахлівае

Бунтоўным выбухае голасам,

І поле, што не стала ніваю,

Шуміць даспелым жніўным коласам...

 

Ужо сумлення мукі значацца

Нязбыўнаю тваёй уласнасцю.

З адлегласці былое бачыцца

З такой бязлітаснаю яснасцю.