epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

З крыніцы выбягаюць ручайкі

З крыніцы выбягаюць ручайкі,

Іх кліча свет заманлівы і звонкі,

Яны, нібы гарэзы-хлапчукі,

Бягуць удалячынь наперагонкі.

 

Між камянёў, пагоркаў і палёў

Бягуць, не баючыся небяспекі,

А прыйдзе час — і гмахі караблёў

Былыя ручайкі нясуць, як рэкі.

 

У кожнай рэчкі свой адменны плёс,

Свая хада, свой нораў непаўторны.

І ўсё ж адзін усіх чакае лёс —

Марская шырыня, марскія штормы.

 

Ляці за марай наўздагон штодня,

Адолееш любыя небасхілы,

Калі табе зямная глыбіня

Дала ў дарогу дужасці і сілы.