epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

З маленства

Мяне не пускалі на вуліцу з дома —

Да краю акна даставаў я ледзь-ледзь,

І мне, малышу, аж карцела, вядома,

А што там за шыбаю — паглядзець.

 

З паленняў я ўзводзіў старанна падмосткі,

Каб толькі спазнаць гэты дзіўны сакрэт...

Змяілася ціхая вуліца вёскі,

Сабою увесь замыкаючы свет.

 

І ўсё. Не, не ўсё...

Каля згорбленай хаткі

Прыгожы палац узнімаецца ўвысь.

Чаму гэта так? —

І не здолеў у таткі

Цікаўны хлапчук дапытацца калісь.

 

Жыццё я не зблытаю з сонечным ззяннем,

Бо гэтулькі колераў мае яно!

З маленства яно прада мною пытаннем

Паўстала праз яснае тое акно.