epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

З вяршынь Каўказа

Спавіты горы сіняй павалокай

Снег на вяршынях. І на нейкі міг

Здалося мне — я ў Індыі далёкай,

А не сярод Каўказскіх гор сівых.

 

Ды раптам скалыхнулася узлессе —

Прарэзваючы ранішні туман,

Данеслася ка мне з даліны песня —

Знаёмая,

Пра нашых партызан.

 

Я ўбачыў праз радзеючую дымку

Той край, дзе па-над Нёманам-ракой

Ідуць бярозы з соснамі ў абдымку

Зялёнаю, шумлівай талакой;

 

Той край, дзе калыханку мне спявалі

Галінамі дрымотныя бары,

Дзе час майго дзяцінства сагравалі

Начныя партызанскія кастры;

 

Дзе быў лясны гушчар маёй калыскай...

З вяршынь Каўказа, як ніколі, я

Такою роднай і такою блізкай

Цябе убачыў, Беларусь мая!