epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

За бацькамі сыны

Зруйнаванымі сёламі

Па дарогах вайны

Адыходзілі ў полымі

За бацькамі сыны.

Шынялі апранулі

Навырост хлапчукі.

І глядзелі матулі

Ім услед з-пад рукі.

Хлопцы з сэрцамі ўпартымі,

Не схіліліся вы,

Вам вучнёўскаю партаю

Быў акоп франтавы.

Не баяліся сталі

І варожых штыкоў,

У баях вырасталі

Вы да славы бацькоў.

Моўчкі падалі ў замеці

Каля вогненных рэк.

Засталіся вы ў памяці

Хлапчукамі навек.

Сёння дом ваш — планета.

І на нас нездарма

Вы глядзіце з партрэтаў,

Быццам памяць сама.