epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"За буднямі нядзеля..."

За буднямі — нядзеля.

І зноўку — як спярша,

Калі табой, надзея,

Надзелена душа!

Ці ж не цябе шукаю

Я ў бездані на дне,

Саломінка, якая

Выцягвае мяне?

Я адсвяткую ўдачу,

Я патану ў журбе.

Усё на свеце страчу,

Усё, апроч цябе...

Не пакідай, надзея,

І летам, і зімой,

Майго жыцця нядзеля,

Надзел ратоўны мой.

Апушчаныя крылы

Ізноў разварушы

І дай мне ўзлётнай сілы,

Надзея — хлеб душы!