epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"За сцяною дзіцячы крык..."

За сцяною дзіцячы крык —

Ранняга ўзросту, доўгага росту.

Быццам нехта

марудна цвік

Заганяе мне ў сэрца проста.

 

Для спакою дарма ўзвялі

Капітальныя сцены.

Плач дзіцячы з усёй зямлі

Ловяць вушы, нібы антэны.

 

І мае,

і яго,

і твае —

Аж калоцяцца клеткі грудныя.

Гэта будучыня падае

Чалавечыя пазыўныя.

 

Плач дзіцячы, пранізлівы крык,

Як сусветна вядомую мову,

Разумее любы мацярык,

Разумее любое мора.

 

Шторм калыску ці судна дзяўбе?

Але сушу вада не ўтопіць.

Падрасцеш, рулявы, і табе

Для вандровак зямлі не хопіць.

 

— Ціха, любы, не плач!..

Над калыскай, як маятнік, матка...

Шляху Млечнага спавівач

Свет абкручвае, як немаўлятка.