epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Забіраюць нас..."

Забіраюць нас электрычкі,

Сцежкі, воблакі і бары.

Пакідаючы ўтульнасцю звычкі,

Ветразь мары рукой бяры!

 

Дакранаючыся да неба

Алюмініевым крылом,

Адчуваеш,

як пяткі глеба

Прыцягальным казыча цяплом.

 

Вырастаем ад дотыку мамы,

Ад гаючай яе рукі,

Што праводзіць з маленства да брамы,

За якой —

да зор напрасткі!..

 

Вырастаем, як з дрэва кроквы,

Дзе так дрогка звініць вышыня.

Вырастаем ад першага кроку

Да апошняга кроку штодня.

 

Хоць таемных галактык пагоркі

Вабяць зорнаю навізной,

На зямлі —

мае лепшыя зоркі,

Што яшчэ не прыручаны мной.

 

Напінае тугія крылы

Кожны шчыры парыў крыві.

Вырастаем ад ласкі і крыўды,

Ад нянавісці і любві.

 

Вырастаем...

Адно б не вырасці

У ракетным разбегу падзей

Вышай праўды і вышай шчырасці,

Вышай чуласці добрых людзей.