epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Заблудзілася сцежка

Мо таму, што плыў вячэрні морак

І хаваўся ў веццях кучаравых,

Мо таму, што не свяцілі зоры,—

Сцежка заблудзілася у травах.

І пакуль яна сабе блукае,

І пятляе, і шукае выйсця,

Хлопец і дзяўчына маладая

На бальшак ніяк не могуць выйсці.

Памаўчаць хвіліну, пагавораць,

Пастаяць — ды зноўку два-тры крокі;

А ўгары даўно ўжо свецяць зоры

І святлее небакрай далёкі...

Ад світальных росаў гнуцца лісці,

Каласы схіляе долу збожжа,

Ну, а сцежка ўсё шукае выйсця

І ніяк яго знайсці не можа.