epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Забыўшы, што такое змора..."

Забыўшы, што такое змора,

Забыўшы, што такое ўзрост,

Ты б’ешся ў белы бераг, мора,

Жыцця калыска і пагост.

 

Я да цябе іду на споведзь,

Ратунку я ў цябе прашу.

Хай подых вечнасці напоіць

Маю засмяглую душу.

 

Той боль, што ўраз напоўніць грудзі

Праходзіць, як прыбой круты.

Праходзяць дні, праходзяць людзі,

І толькі не праходзіш ты.

 

І хоць у нас адна дарога:

Мае гады — твае гады,

Ды ты за нас усіх намнога

Старэй і маладзей заўжды.

 

Туман, нібы шаман, варожыць

Над штормам, над чужой бядой.

І не канчаецца варожасць

І еднасць берага з вадой.