epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Загаловак

Ламае ўпарта галаву аловак,

Які абраць для кнігі загаловак.

На вуліцы зашоргаў рупны ранак —

Чырвоны самаўпэўнены жаніх,

Як быццам толькі ён адзін абраннік

І самых сціслых, і надзьмутых кніг!

Схаваўшыся за частакол гарода,

На вокладку зірнула даль крадком —

Яна табе і хлеб, і ўзнагарода,

Будзь толькі сам цвіком і малатком!

Ды вось яшчэ дарога,

Што з-за рога,

Зрабіўшы раптам выгіб свой круты,

Пусцілася пад тропік Казерога,

Ды стомлена дала нырца ў кусты...

Мільгаюць загалоўкі, загалоўкі —

Нібыта косці, храбусцяць алоўкі.