epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Жалезны Адам

Можаш, горад мой, лёгка ад смагі лячыцца,

Бачыш —

стаўшы на вуліцы чарадой,

Аўтаматы румяныя, як прадаўшчыцы,

Газірованай гандлююць вадой.

 

Я манетку ў адтуліну кідаю хвацка,

Але дзе ён, струменьчык?

Цярпліва стаю.

У цябе, аўтамат, жалезная хватка:

На вачах заціскаеш капейку маю.

 

Мігатліва забліскаў шклянымі вачыма,

Забурчаў, засіпеў:

— Не аддам! Не аддам!

Што за Ева цябе махляваць навучыла,

З роду робатаў першы, жалезны Адам?

 

І няўжо нашаптала металу на вуха

Прадаўшчыца, што ў белым халаце заўжды,

Перадаўшы сваю старую навуку,

Як адбухаць шыкоўную дачу... з вады?

 

Можа, даць бы тут волю пагрозам цвярозым

Але я, не ўтрываўшы, даю грымака!

І глядзіце — дайшло! Прачынаецца розум!

У засмяглую шклянку шуганула рака!