epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Запрашэнне к здароўю

Сюды, ў лясное царства,

На досвітку ступі,

Як лепшае лякарства,

Настой паветра пі.

У кроне на сасонцы

Сярод галін завяз,

Як скальпель, промень сонца,

Нацэлены на вас...

У цішыні дрымотнай

Яліны, што наўкол,

Іголкаю няшчотнай

Тут зробяць вам укол.

І прымеце, як лекі,

У засені бяроз

З зялёнае аптэкі

Сто тысяч кропель рос,

Што ад знямогі лечаць...

Няхай ужо гады

Не ціснуць вам на плечы,

Як мулкія пуды.

Гукаю ўсіх сяброў я:

Спяшаюся ў паход!

Лясны палац здароўя

Працуе круглы год.