epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Здаецца, вычарпаў сябе..."

Здаецца, вычарпаў сябе:

Па-вераснёўскаму парожні,

Нясу я ў стоенай журбе

Запыленае поле пожні.

І там, дзе сціх калоссяў шум,

Аголенае наваколле

Натоўпам вызваленых дум

Цяпер тапырыцца і коле.

І холадам спалох кране,

Што восень подыхам адзіным

Наглуха мне душу замкне

Ключом дрыготным жураўліным,

Лістоў паржаўленую медзь

На золкі дол раняюць кроны,

І карканнем сваім адпець

Мяне збіраюцца вароны.

І ім утораць груганы —

Крумкочуць блізка-блізка дзесьці,

Жалобнай рамкаю маны

Мяне спяшаюцца абвесці.

І хай цяжкая галава,

Употай уздыхну з палёгкай,

Як аратай пасля жніва

Перад сяўбою недалёкай.