epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Здаецца, загоены раны..."

Здаецца, загоены раны,

Залечаны ў сэрцы трывогі.

З'язджаюцца ветэраны

На юбілей Перамогі...

Упартасць у іх — з жалеза!

Яны будуюць і сеюць.

І няньчаць свае пратэзы.

І ў глаўках ад дум лысеюць.

Памяць забыць бы хацела,

Яе б размініраваць варта.

Ды пад кашуляй цела

Быццам ваенная карта...

Яе не згубіш ніколі,

Яна да скону з табою,

Як біяграфія

болю.

Як геаграфія

бою.

Адзначылі тут асколкі

Пасёлкі ад Волгі да Віслы.

На ордэнскай стужцы вясёлкі

Медалем Зямля павісла.

...І пабрацімы на плошчы,

Дзе вечны агеньчык хвошча,

Адзін аднаго абнімаюць

Рукамі,

якіх не маюць.

* * *