epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Здымкі

Злавіў імгненне фотаапарат.

Успышка бліца.

Здымкі.

Здымкі.

Здымкі.

Кароль і блазен, фюрэр і пірат

Спяшаюцца да вечнасці ў абдымкі.

Дзівіцеся, нашчадкі,— любата!

Як твары іх аздоблены старанна:

У позірку забойцы — дабрата,

Замілаванасць — у вачах тырана...

Адбітак дум на зморшчаных ілбах.

З палянамі пралысін. З валасамі.

З цыгарай або з люлькай у зубах.

З бародкай мудраватаю. З вусамі.

Над глобусам. Над картаю зямлі.

То ўспыхваюць,

то гаснуць зрэнкі-джальцы.

І вось, нібыта крабы, папаўзлі

Па кантынентах і краінах пальцы.

Ківок — і ад жалезнага рыўка

Нізрынуць прахам гарады і вёскі,

І сунуцца гарачай магмай войскі...

Якая ўсемагутная рука!

Яшчэ адна хвіліна — і зграбе,

Нібы арэх, маленькую планету...

Гэй, пераможца, на руінах свету

Хто там у ладкі пляскае табе?

Застракаціць ізноўку фотастужка,

Калі ўзмахне ўладарнаю рукой

Гісторыя — руплівая пастушка

Мізэрнасці і велічы людской.

* * *