epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Зялёная антэна

Каб свет без ласкі не старэў,

На сонечны касцёр адменны

Нацэлены галіны дрэў —

Зямлі зялёныя антэны.

 

Заўжды чаруюць навізной,

Дрыготка ззяюць у паглядзе:

Зялёным полымем — вясной,

Падзеннем зор — у лістападзе.

 

У грунт карэннем ураслі,

Падпёршы голлем полаг сіні,

Дубы, бярозы і асіны —

Паўпрэды сонца на зямлі.

 

Нас не змаглі ні сталь, ні порах

Скасіць, калі ішла вайна,

Мой лес, мой друг, мая апора, \

Мая надзейная сцяна...

 

Ці месяц верасень, ці май —

Наш чалавечы дом нязменна

За промень сонечны трымай,

Зямлі зялёная антэна.