epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

А гудок гудзеў...

Гудок гудзеў працяжна, залівіста. Хоць да горада, можна сказаць, больш пяці кіламетраў, а ён даносіцца ў вёску Буды, у хату Максіма Ткача, быццам вось з-за лугу. Гудок кожны дзень будзіць Максіма, кліча да працы, туды ў дэпо, дзе палае горан, дзе Максім праз цэлы дзень, закасаўшы рукавы, гваздае молатам па распаленым іскрыстым жалезе...

Максім — малады і дужы, ужо тры гады як ажаніўся,— заўсёды падганяе сваю маладую жонку Юстыну, каб хутчэй згатавала яму снеданне. Жонка, тонкая, як тычка, з гнедаватым тварам і к таму гнусавая, не вельмі спяшаецца са снеданнем — пазяхае, вохкае, ахкае, пачухвае патыліцу пад хусткай і ўсё ніяк не збярэцца з думкамі, з чаго пачаць. За танклявасць ды не толькі за гэта людзі ў вёсцы празвалі яе «сухецкай». Юстына была скупая. Прыхарошвалі Юстыну вялікія цёмна-шэрыя вочы з густымі чорнымі бровамі. Мусіць, некалі юнак Максім ненарокам глянуў у іх больш, чым трэба, і гэта вырашыла яго лёс.

Максім цярплівы чалавек, ён любіць сваю Юстыну, толькі часам паспрачаецца іменна адносна гэтай паскуднай, як ён называе, скупасці. Пойдуць у нядзелю ў горад,— трэба ж купіць тое-сёе, — грошы трымае пры сабе жонка. Няхай трымае, яно, можа, і лепш, бо як сустрэнецца Максім з дружбакамі, тады... Што тады? Можа загуляць казак, і грошыкі — кыш з кішэні. Гэта ўжо не раз было... Няхай яны ляжаць за пазухай у Юстыны. Не хочацца мець з бабай калатні. А то як загнусавіць, хоць ты ўцякай на край свету. І самае непрыемнае тады для Максіма тое, што жонка праз сваю гнусавасць словы «можна» і «няможна» вымаўляе ў нос: «мона» і «нямона». Літара «ж» недзе засядае і ніяк не злятае на язык.

— Я табе не раз казала і кажу, ці ж так мона?.. Людочкі — капеечка да капеечкі, а ты... Ці ж мона так?

Максім апранае дабротны шынель чыгуначніка, чорную суконную кепку і маўчыць. А яна ўсё заліваецца гнусам:

— Ой, божа, ці ж так мона?

Максім, не спяшаючыся, змерыць павольным позіркам сваю суджаную і цвёрда, з прыціскам скажа:

— Можна!

— Не, нямона! Я табе кажу, што нямона...

— А я табе кажу — можна! — тупне Максім нагою і выйдзе.

Але гэтае тупанне для Юстыны глупства. Наадварот, людзі кажуць, што яна Максіма падабрала пад свой башмак. Такога жылістага каваля ды такая сухецкая муха... Чаго не бывае на свеце!

Максім карыстаецца на рабоце вялікай пашанай у таварышаў і ў самога начальніка дэпо. Ён кожны раз к Новаму году атрымлівае пахвалы і прэмію. Тое, што гаворыцца на сходах калектыва дэпо, для Максіма не жарты, ён успрымае ўсё так, як трэба ўспрымаць рабочаму.

Ён нагваздаецца молатам за ўвесь дзень, прыходзіць дахаты, умыецца, сядзе вячэраць, узяўшы хлопчыка на калені, і расказвае сваёй Юстыне, як ён выкоўваў нейкую вялікую шрубу і як гэта было цяжка. Але ён яе зрабіў, што не кожны зможа.

А жонка нібы слухае, нібы не, а потым плаксівым голасам як пачне выводзіць сваё:

— Ты там шрубы робіш, табе нішто, а ў мяне вось курыца недзе загінула, шукала цэлы дзень і няма.

— Курыца?

— А што табе курыца? Яечкі, нябось, любіш...

Максім ніякавата махне рукою і скажа:

— Цьфу! Курыца... Ці варта пра яе так многа бедаваць? Можна другую купіць.

— Ага, ты такі багаты, табе ўсё мона...

І зноў пайшло гуляць гэтае гнусавае «мона».

Максім ад лішняга скавытання жонкі пачынае траціць цярплівасць. Шчокі яго чырванеюць, блакітныя, чыстыя, амаль наіўныя вочы наліваюцца злосцю, маршчына над пераноссем паглыбляецца. Вось зараз ён стукне кулаком па стале, як молатам на кавадле... Вочы бліскаюць... Вось зараз нешта будзе...

— Сціхнеш ты ці не?! — грымне Максім.

І вочы яго ярасна заморгаюць, а потым закамянеюць, уставіўшыся на жонку.

Юстына тут жа фіць з кухні ў пярэднюю.

У Максіма маршчыны разыходзяцца, астываюць шчокі, вочы прымаюць свой напаўнаіўны, шчыры выгляд. Ён прадаўжае есці бульбу з малаком.

Юстына найчасцей для свайго Максіма на снеданне падсмажыць сала або паставіць збанок з малаком. Рэдка калі халоднага мяса — цяляціны або бараніны. У торбу з сабою Максім заўсёды бярэ кавалак хлеба і сала, а бараніну толькі ўвосень.

І вось аднаго разу прыйшло Максіму да галавы, чаму

Юстына не падсмажыць яму яечак або не зварыць і не паложыць іх у торбу на полудзень.

Так аднойчы цёмным зімовым ранкам, калі гудзеў гудок, Максім звярнуўся да сваёй прававернай:

— Юстына, ці ў нас яйкі ёсць, ці не? Чаму ты ніколі не падсмажыш мне? Зварыць у торбу таксама можна... Падсмаж хуценька, я закушу і пайду. Сёння трэба трошкі раней пайсці...

— А дзе я табе вазьму тых яек? Дзе? Многа ў нас курэй? Адна прапала, шуляк задраў вунь у кустах... А што я прадам на рынку, га? Трэба ж прадаць, капейку якую дабыць...

Максім сваё:

— Падсмажыш ці не?

Юстына, зачырванеўшыся, выйшла на кухню. Значыць, відаць, падсмажыць. Максім чакае.

Уваходзіць Юстына з патэльняй, ставіць яе на стол. Максім бачыць, што падсмажана толькі адно сала.

— А дзе яйкі? — спытаўся ён.

— Я ж табе казала...

Максім нахмурыўся.

— А што я прадам? Прадаць трэба. Там ёсць толькі пара яечак.

— Мне пара толькі і трэба!..

— От, садзіся і еш... Няма яек...

Максім устаў, адным узмахам рукі прыгладзіў сваю русую чупрыну і сказаў:

— Добра. Я пайду пашукаю яек сам.

І выйшаў у камору.

Юстына закідалася па хаце, засаплася, закрычала:

— Вярніся! — Потым раптам прыкруціла кнот у лямпе, зрабіла яго, як у газнічцы, бо, бачыце, многа газы гарыць.

Недзе бахнулі дзверы, загрукала ў кухні, і з уздыбленай чупрынай увайшоў ён, Максім, ледзь несучы перад сабою вялікі кошык, поўны яек (у кошыку месцілася паўтары капы).

— Гэта што? — бліснуў ён вачыма на жонку.

Юстына маўчала.

— То ты мне нават двух яечак шкадуеш? Добра, жонка, добра...

І гэтая жонка не паспела ахнуць, як Максім перавярнуў кошык уверх дном. Белыя яечкі — адно ў адно — паляцелі на падлогу.

Вялікім падкаваным ботам Максім наступіў на іх. Яны хруснулі. Потым стала на іх другая нага. І так пайшло з прыказкай: «Вось табе! Вось табе! Я ў цябе не варты двух яечак. Вось табе! Я ўсе сілы аддаю, а ты...» І за кожным разам: хрась, хрась...

Юстына закрыла твар фартухом, упала на ложак і бяссільна верашчала: «О-о-й... О-о-й... Разбойнік, разбойнік!..»

Максім скончыў расправу з яйкамі, тупнуў ботам па апошнім і сказаў: «Вось табе твае яйкі! Бяры іх, нясі на рынак!»

Засопшыся, адвярнуўся і адразу глянуў на лямпу:

— Гэта чаму такі агонь?

Жонка маўчала.

Ён падкруціў кнот, апрануў свой шынель, надзеў кепку і выйшаў, бахнуўшы дзвярыма.

Юстына, схаваўшы твар у падушку, быццам канаючы, толькі пастогвала: «Ох, ох...»

А гудок гудзеў...