epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Аб вясне

За доўгай зімой, знаю, прыйдзе вясна,

Яе я чакаю пачатку,

Каб напнулася звонкая ў сэрцы струна,

Расказала усім сваю казку.

 

Расказала аб тым, што жыццё недарма

Нам далося на сцежках цярністых

І што лепшае долі на свеце няма,

Як сэрцам адкрытым і чыстым

 

Блакітныя шчырыя далі абняць

Ды глянуць у вочы з усмешкай

Той, што табе не забыла сказаць

Запаветнае, цёплае нешта,

 

Што ўчора было і сягоння жыве,

І вабіць, і кліча ў прасторы,

І сказам жыцця за табою плыве

У радасці светлай і ў горы.

 

Вітаю заўсёды задуму смугі

На родных палях, над лясамі,

У ёй пазнаю родны твар дарагі

Зямлі, што шуміць каласамі.

 

Яна маю й зараз калыша любоў

І напамінае заўсёды

Пра тое, як з песняю рваліся ў бой

За вясну залатую народы.