epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Арліца

Нельга было не звярнуць на яе ўвагі нават пры першай сустрэчы. Яна — рослая, моцная, з моцнаю імклівай хадою. Нешта з арлінага свяціла ў яе шэрых вялікіх вачах, і русыя валасы з залацістым адценнем мякка ляжалі на яе галаве, як шаўковыя. На шыі свяціліся два радочкі пацерак. Нешта нават напышлівае можна было прыкмеціць у мужных рысах твару, што падкрэсліваў асабліва нос з ледзь прыкметнай гарбінкай.

Я ўвайшоў у вялікую хату, асабліва шырокую, што можна было б назваць яе папярочнай. Яна стаяла воддаль ад сяла на балотным мурозе, абкружаная вялікім агародам сярод высокага жэрдачнага плота.

У хаце падлога аказалася глінянай. Пасля спякоты па дварэ тут, у хаце, ад яе патыхала халадком.

Яна прыйшла сюды да знаёмай нешта пашыць на швейнай машыне. І яна шыла — нешта шэрае, крамнае, якое звешвалася з яе каленяў на зямлю. І тут жа церлася малое — да маці тулілася дзяўчынка, якой яшчэ не споўнілася двух год.

Я спытаўся, паказваючы на дзяўчынку:

— Гэта ваша?

— Маё.

— Гэта ўсё, ці ёсць больш?

Яна змоўкла, апусціла твар над работай. Усмешка мільганула на яе твары і тут жа знікла. Твар зрабіўся засяродкаваным, нават суровым. Я падумаў, што яна не хоча адказваць, і таму больш не распачынаў гутаркі. Пачаў прахаджвацца па хаце, разглядаць на сцяне сямейныя фотаздымкі. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак. Бачу — упоперак ложка спяць абхутаныя тры маленькія істоты. З-пад коўдрачкаў у арэоле хусцінак відны тварыкі з маленькімі носікамі. Вядома, гэта былі дзеці. Я падышоў да яе і чамусьці ціха — можа, каб не пакрыўдзіць чым-небудзь — спытаўся:

— А там... на ложку — гэта што?

— Як што? Хіба не бачыце? Дзеці...

— Чые?

— Таксама мае, — нібы набраўшыся адвагі, адказала яна, і шчокі тут жа заліла ружовасць. Яна нешта вырэзвала нажнічкамі ў тканіне, а шчокі і далей не гублялі ружовасці.

— Усе трое вашы? — асцярожна, з павагай спытаў я зноў.

Яна адчула павагу, ускінула поглядам на мяне і стала спакайнейшай, больш даверлівай. Бо аглянулася на ложак і паясніла:

— Вунь, злева, два хлопчыкі, а справа — дзевачка... Жыццё вось так надарыла мяне...— закончыла яна і ўздыхнула.

— А вы не гаруйце... Ад прыбытку, кажуць, галава...

— Ды я і не гарую, — перабіла яна і вясёлымі вачыма глянула на мяне. Тут жа рухава ўстала, сваёй постаццю захіліла акно. Павярнулася да ложка, абцягнула кофту на высокіх грудзях і накіравалася туды — у куток. Асаніста ўзнятая галава на гордай шыі, імклівая хада, прывабная постаць быццам гаварылі, што да сваіх арлянят пайшла арліца...