epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Белы комін

Белы комін з-за гары

Дымам кучаравіцца,

Ў ранніх сполахах зары

Цішыня купаецца.

 

Рыбы ўсплёск, і ціша зноў

Баравая, чыстая,

Свеціць росамі на дно

Ціша брыльянцістая.

 

Комін з-за гары глядзіць,

Дымам кучаравіцца,—

Завядзі нас, завядзі,

Залатая раніца,

 

Па сцяжынцы, што пайшла,

Павілася стромаю,

Да сяброўскага цяпла

Пад страхой-саломаю.

 

Там стаіць ужо яна

На парозе дзедаўскім,

Поўна радасці, вясна,

Нашы крокі зведаўшы.

 

Белы комін з-за гары

Дымам кучаравіцца,

Ў сонцы-полымі гарыць

Нёманская раніца.