epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Бомы

Яны ішлі дарогаю знаёмай

З лазовымі кашамі у руках

І за сабой губілі ранкавыя бомы

Па сцежках, каляінах, па кустах.

 

Там, дзе над Нараччу пры беразе крыніцы

Гараць у полымі наплыўшае зары,

Ўмываліся пяшчотна маладзіцы,

Пры цішы не хацелі гаварыць.

 

І зноў дарожкі росна-пескавыя

Іх павялі да баравых гадоў,

І зазвінелі бомы залатыя,

Як нашых матак даўніх маладосць.

 

Іх бор вітаў, прымаў у свае сховы —

І ціш сасновая, і неба, і гады —

Знаёмы, вечна таямніча-новы

Бор песенны, бор вечна малады.