epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Хлопчыку

Ты званочкам звініш па дарожцы лясной,

Ціхі лес — твой чаруючы сад...

Трэба ж ведаць табе, мілы хлопчык ты мой,

Што на Волзе стаіць Валгаград.

 

Ты заслухаўся ў шчэбеты-спевы пташын,

Кожны лісцік табе рад і рад,—

Усё спявае, мой хлопчык, у мірнай цішы

Пра геройскі, пра наш Валгаград.

 

Ты свой кошычак, поўны грыбамі, нясеш,

Кажаш — добра умееш збіраць.

Гэта ўсё... ўсё таму так уцешна ў красе,

Бо на Волзе стаіць Валгаград.

 

Пойдзем, хлопчык, з табой па дарожцы лясной,

Ціхі лес — твой чаруючы сад...

Нам і восень з табою здаецца вясной,

Бо на Волзе стаіць Валгаград.

 

Гэтым лесам прабіўся праз вогненны шквал

Не адзін партызанскі атрад,

Як усю Беларусь суцяшала Масква,

Як баямі грымеў Валгаград.

 

Тады волю народаў грудзьмі адстаяў

Непахісны наш воін-салдат,

За Айчыну святую ён кроў праліваў,

Каб над светам ірдзеў Валгаград.