epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Хвалі жытнія...

Хвалі жытнія над Нёманам,

Там, на беразе, высока,

Залацістыя, знаёмыя,

Пад блакітам вабяць вока.

 

Каласамі нахіляюцца

Над зялёнымі вірамі,

З намі позіркам вітаюцца

І плывуць, здаецца, з намі.

 

Ты махаеш белай ручкаю

З вышыні, уся ў праменнях,

Быццам лётнаю галубкаю

Шлеш сваё нам захапленне.

 

Я вяду душою гутарку

Пра наднёманскія дзівы...

Каб дастаў тваю я ручаньку,

Як жа быў бы я шчаслівы!