epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ціхі зрок...

Ціхі зрок на нястомную плынь маіх дум

Рассявае забытую быль зорных сноў...

І ці радасць, ці жаль для душы ў іх знайду?

Ты пайшла... Я шукаю слядоў тваіх ног...

 

Чую — ў нетрах душы абудзіўся тытан,

Хоча рваць, хоча біць на кускі ланцугі.

Голас жалю крычыць: «Не будзі, перастань!

Не будзі скамянелай тугі!»

 

Што ж зраблю, калі ў скрыгаце-ціску журбы,

Што на сэрцах у нас напісаў круты лёс,

Ноч па ранах маіх, ранах дзён барацьбы,

Сцеле шоўкам тваіх залацістых валос.

 

За слядамі лячу,— ах, нашто, не пытай!

Звону струн залатых, я прашу, не парві,—

Будзе ў песнях ірдзець і душой трапятаць

На шумлівы прастор жар мяцежнай крыві.

 

Можа, вораг нагой стопча грудзі твае,

Як захоча зламаць нашай моцы красу?

Я твой боль пераможны не буду таіць —

Ціхім зорам на ростані ўсё раскажу...

 

Як не верне цябе наш крыўдзіцельны рок,

Не падслухаеш больш маіх дум і знямог,—

Мой задуманы, ціхі і змучаны зрок

Будзе кветкі збіраць па слядах тваіх ног.