epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Дарожка

Памяці Якуба Коласа

 

Адплывалі ціха хвалі,

Адплывалі

І вячэрнюю задуму

Навявалі.

 

Грэў агонь душу ласкава

На ўзбярэжжы,

І гукала яго Нарач

У бязмежжы.

 

Прыплывалі, адплывалі

Шэпты-ўсплёскі,

Слухаў ён, як засыналі

Ціха вёскі.

 

Думка думку наганяла —

Ўсё пра тое,

Дзе пасеяна насенне

Залатое

 

І якія яно ў сэрцах

Дало ўсходы,

Які колас вырас людзям

Для свабоды.

…...........................................

Ён сядзеў ля хваль бязмежных,

Хваль прарочых,

Вечар думай прыгаруньваў

Яму вочы.

 

І ад сэрца ўдаль плыло

Залатаструнне

Пра ласкавую зямельку

Прыгажуню.

 

А ўжо месяц, крадучыся

У сутонні,

Пракладаў яму дарожку

У бяздонне.

 

І прыйшла яна — хвіліна,

Доля тая,—

Павяла яго дарожка

Залатая...