epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Дні...

Дні пяюць перагудам мне сонную быль

Аб няясных далёкіх імкненнях,

І ў гарачых маіх летуценнях

Песні сумнай гудзе пераліў...

 

Дні ў пакінутым сэрцы маім будзяць жаль,

Сустракаюць тугою глыбокаю,

І пад сіняй ў палях павалокаю

Чаруе, заве мяне даль.

 

Дні нясуць мне трывогу — пакуту маю,

Хоць вітаюць мяне ранкаў росамі,

Грэюць сонца ласкавымі косамі,

А я сумны... ў задуме стаю.

 

Дні хочуць ад думак мяне адарваць

І у ціне жыцця запляснелай

Да штодзённасці здзеравянелай

Ланцугом прыкаваць, прыкаваць!