epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Дзядзька-беларус

Сядзіш, мой дзядзька, добры, сівы,

Яшчэ ў цябе нямала сілы,

Сядзіш на прызбе ля парога,

Гаворыш радасна і многа.

Праходзяць людзі міма хаты...

Ідуць цывільныя, салдаты,

На твой падворак заглядаюць.

«Ці можна адпачыць?» — пытаюць.

У ільняным адзенні белым,

Ў старэцкай шапцы прапацелай

І з люлькай-піпкаю ў зубах,

Ты, ўвесь загледжаны на шлях,

Ўстаеш, з усмешкаю вітаеш,

Людзей у хату запрашаеш:

«Заходзьце, людцы, што ж такое?

Вайна на свеце — ліха злое...

Як церпяць людзі, божа мілы,

І дзе набраць тут столькі сілы?

Ісці без ежы, адпачынку

І дзень і ноч без перапынку...

Пракляты немец, што ён хоча?

О, шчэ не так ён засакоча,

Што косцю ў горле яму стане

Усё яго заваяванне...

...Салдацікі, за стол сядайце,

Хвілінку, трохі пачакайце...»

І дзядзька ў сенцы выбягае,

Дае загады, памагае,

Гаворыць жонцы-гаспадыні,

Гаворыць дочкам, свайму сыну:

«Ты вось нясі буханку хлеба,

Нарэзаць ў міску сала трэба,

Кваску зрабіць з гурком, цыбуляй,

Каб хоць па лыжцы ўсе хлябнулі,

І з тога чорнага гляка

Наліць, паставіць малака.

Прыняць людзей, каб спаміналі,

Заўсёды нам дабра жадалі...»

 

Ідзе у хату прамяністы,

Такі бадзёры, урачысты,

Як бы вяселле ён спраўляе,

Людзей размовай ажыўляе.

Каля байцоў прысеў на лаве,

Дыміцца люлька, голас жвавы...

«...Адкуль, салдацікі, вы самі?..

Прыйдзецца вам ісці лясамі,

Яно і лепш. Я услужу,

Я вам дарогу пакажу.

Што зробіш? Цяжка... Знаю, брат,

І сам я рускі быў салдат!

Прайшоў вайну з праклятым немцам,

А ён ізноў, нягоднік, прэцца...

Ён дачакаецца свайго —

Дастане перцу — ого-го!..

Вы толькі ешце, не шкадуйце,

Ў дарогу ж вам,— сябе шануйце.

Мы тут як-небудзь пражывём,

Як будзем жывы, нажывём.

 

Учора вось пасля вячэры

Зайшлі у хату афіцэры,

Яны у нас паначавалі,

Мы іх таксама частавалі,

Тым часам ёсць, дзе спаць, што есці...»

І дзядзька горды з гэтай чэсці!

 

Байцы сядзяць,— ім так прыемна,

Ім так зацішна і адменна,

Бы чуюць матчыны напевы

Ці нівы роднае павевы.

Любоў вялікая — Айчына

Стаіць у сонцы прад вачыма,

І распірае грудзі бурай

Нянавісць-помста да нямчуры.

Байцы клянуцца, абяцаюць,

Разбіць нямчуру прысягаюць,

Выходзяць — дзякуюць ласкава.

Праводзіць іх наш дзядзька бравы,

Ім дух бадзёрасці ўлівае,

У добры пуць благаслаўляе...

Бывай, мой дзядзька, добры, сівы,

Няхай табе паслужаць сілы

У нашых цягасных нягодах,

Твая душа — душа народа,

І я пайду з душою гэтай

Да перамогі — нашай мэты,

І твой наказ з сабой бяру,

Мой родны дзядзька-беларус!