epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Дзіця

На кухні амаль змрочна. Ці то ад мутных, невялікіх двух акон, што глядзяць на падворак з-пад навіслай страхі, ці ад задымленай чэлюсці печы, дзе над прыпекам час ад часу схіляецца гаспадыня, каб падкінуць пару трэсак на вуголле.

На дварэ, наадварот, палыхае ранак — сонечны, іскрысты. Навокал вёскі, што прыпала да зялёнай даліны, на ўзгорках цягнецца лес, у якім застыла ранняя вільготная дымка.

— От, пайшла і няма... І дзе ж яна так? — прамовіла сама сабе гаспадыня, адвярнуўшыся ад печы.

Гэта пра дачку Ядвісю, якая выйшла па ваду да студні.

Гаспадыня Тацяна была на кухні не адна. Тут жа на падлозе, у стоечцы, стаяла дзяўчынка месяцаў, можа, сем, можа, восем і ўвесь час задзірала галоўку, каб сустрэць шэрыя, нібы крыху спалоханыя, вочы бабусі. Дзяўчынка трымала ў пульхным дзіцячым кулачку зялёнага папугайчыка — бразгаўку — і час ад часу памахвала ім і мармытала па-дзіцячаму, шукаючы вачанятамі зноў-такі сваю бабусю. Надакучыла ўжо стаяць маленькай, бо яна пачынае нецярпліва тупаць босымі ножкамі і гатова вось-вось кінуцца ў плач. Але маленькая яшчэ не плача. Яна тыча ў бяззубы роцік папугайчыка і па-свойму напявае, у такт пагойдвання калыскі:

— А-а-а!.. А-а-а!..

На пульхныя, круглыя шчочкі маленькай садзяцца мухі. Трэба было б памыць дзяўчынку, але гаспадыні няма часу. Яна толькі мімаходзь, каб адмахнуцца, час ад часу прамовіць:

— Зараз, зараз... Пачакай...

Гаспадыня змахнула анучкай са стала. Хутка стане тут гаршчок бульбы і яшчэ што-небудзь, хутка прыедзе сын — шафёр рыбгаса — Антось і, можа, падыдзе з мястэчка яна — нявестка Хрысціна. Будуць снедаць.

Маленькі, шэранькі, у белых лапінках каток гуляе з сырой бульбінай, драпае яе лапкай, і калі бульбіна пакоціцца па падлозе, ён бяжыць за ёю. Часам маленькая ўтаропіцца ў катка сваімі вачаняткамі, прыціхне бразгаць папугайчыкам, насцярожыцца, а потым зазвініць дзіцячым галаском, змешаным з рогатам і шчэбетам, яшчэ зусім невыразным. І здаецца, так і толькі так гучаць першыя дзіцячыя радасці.

Каток не застаецца ў даўгу — ён час ад часу чапляецца за стоечку, цягнецца сваёй шэранькай мордачкай да маленькай. А маленькая віскунка на міг спалохаецца і хоча нібы адштурхнуцца ад шэранькай назолы, уцячы. Але, бачачы, што каток нічога дрэннага ёй не робіць, узвізгвае ад захаплення і раптам ушчаперыцца з крыкам за вуха гуллівага звярка...

Але вось гаспадыня ўжо ўправілася на кухні, наліла з кубка сабе вады на рукі, выцерла іх ручніком і, падышоўшы да маленькай, працягнула ёй рукі і прамовіла:

— Ну, Валечка, хадзі ка мне...

У Валечкі замахалі ручкі, заскакалі вачаняты, і ў той жа міг яна апынулася на руках у бабусі.

Бабуся фартухом выцерла ёй носік і сказала:

— Уй, якая ты... Хадзем памыю цябе трошкі...

Памыўшы і выцершы насуха пульхныя шчочкі, Тацяна падышла з Валечкай да акна. Там трымала малую, крыху адставіўшы ад сябе, і пры святле разглядала чысценькі, нявінны дзіцячы тварык. Разглядала ўважна, пільна. Часам сур’ёзнеў яе твар, на яго набягалі цені, і тады галава пахіствалася ў раздумлівым бедаванні. А Валечка глядзела сабе ў акно, — там на падворку хадзілі куры, парасятка скубла траву, а за плотам лапушылася бульба, і ўсюды было многа сонца.

Малая захаплялася акном нядоўга, затым адвярнулася, працягнула рукі да бабусі, учапілася ёй за шчокі, за хустку і прасіла, чагосьці прасіла сваёй неперадаваемай мовай — аднымі гукамі, і цягнулася да кубка на стале.

Весялеў тады твар Тацяны, але ў вачах усе ж такі заставалася нейкае нямое пытанне.

— Есці хочаш? — прамовіла яна. — Зараз дам, дам...

Потым зноў прыгледзелася да тварыка і спытала маленькую:

— Чыя ж ты, Валечка? Ну, скажы...

Валечка прыціхла, перавяла вачаняты на твар Тацяны і лавіла яе вочы, нібы, здавалася, чымсьці заклапочаная, а потым пачала цягнуць лыжку з рукі Тацяны.

Тацяна ўздыхнула, сеўшы, і стала карміць малую параным малаком.

Увайшла Ядвіся з поўным вядром вады.

— І дзе ты так доўга? — накінулася на яе Тацяна. — Гаршчок трэба падліць з крупнікам, а яна...

— Дзе была? Антосю памагала рыбу збіраць. Ад штуршка пляцёнка перакацілася...

— А дзе Антось?

— Паехаў у мястэчка, рыбу павёз у сталоўку. Зараз прыедзе.

Настала цішыня. Ядвіся, модная дзяўчына з хвалістымі, каштанавымі валасамі, поркалася ля печы — то падлівала гаршчок, то падкладала трэскі ў агонь. Тацяна сталовай лыжкай чэрпала малако з місачкі і ўлівала яго ў бяззубы роцік маленькай Валі, якая не толькі піла, але і хапала лыжку ручанятамі.

Але вось малая пачынае пырскацца, і вачаняты робяцца нават жулікаватымі. Значыць, Валечка ўжо наелася. Тацяна выцерла ёй тварык і паставіла на ногі.

Падышла Ядвіся. Валечка заскакала і хутка апынулася ў яе на руках, задаволеная, вясёлая.

Ядвіся стаяла каля сваёй маці Тацяны, а тая глядзела, прыўзняўшы галаву, усё на тую ж Валечку. І ўрэшце прамовіла:

— Не... такі не... Не наша гэтае дзіця!..

— Ой, што ты выдумала? — адказала са злосцю Ядвіся. — Чаму не наша? Наша...

— Ну, прыдзівіся. Хіба ж такія вочы ў Антося? А нос?

— Вочы? Гэта ж такія вочы ў Хрысціны, чаго ты хочаш? Яна вачыма пайшла па Хрысціне.

— А нос? — не адступала маці.

— Што ты можаш пазнаць зараз па носе? Ёй жа колькі гэтых месячыкаў мінула. Па носе ты яшчэ нічога не пазнаеш.

Маці з дачкою разглядалі Валечку, а тая, кінуўшы ўшчапервацца Ядвісі за валасы, ужо абсмоктвала свае кулачкі, падскакваючы на руках, ірвалася недзе да акна.

— Не... — азвалася зноў Тацяна. — Вось такі нос у таго, гэта не Антосеў нос.

— Ой, пакінь ты гаварыць, мама! Пляце невядома што... Антосеў, не Антосеў... — Звярнуўшыся да Валечкі, Ядвіся дакончыла: — Давай, Валечка, завяжу табе шапачку, і пойдзем курачак лавіць. Пойдзем? Га?

Ядвіся выйшла, а Тацяна на некаторы час застыла ў задуме, абапершыся шчакою на далонь.

Пасля адвяла руку ад шчакі, азірнулася навокал і пайшла да качарэжніка шукаць веніка, каб падмесці кухню. Пастогвала, нагінаючыся, нешта сама сабе шаптала. І ўрэшце загаварыла:

— На чацвёртым месяцы з жыватом выходзіць замуж... Ого! І вось думай, чыё яно, гэтае дзіця?

Так пачынала бедаваць Тацяна ад некаторага часу. Пакуль Валечка была яшчэ ў пялёнках, яна не ўзнімала ніякай гутаркі пра яе паходжанне. А як Валечка пачала ўжо выразна глядзець вачанятамі і ад ангельскай усмешкі пераходзіць да шчэбету-рогату, Тацяна стала задумвацца. То ёй вочы здадуцца не такімі, як у сына Антося, то нос не такі, «не свой», то валосікі інакшага колеру. Тацяна яшчэ не адважваецца выказаць свае прыкметы адносна бровак Валечкі. А яны, як ужо відаць, будуць прыгожанькімі, будуць разам з вочкамі глядзець-трапятацца ва ўсмешцы, як тыя ластавачкі. Але броўкі ў Валечкі яшчэ толькі намячаюцца.

Так Тацяну пачало грызці сумненне. Хто з вёскі ні ўвойдзе ў хату, Тацяна ўрэшце не выцерпіць, каб не спытацца, да каго больш падобна Валечка — да бацькі ці да маці. Людзі — як хто. Адны кажуць, што Валечка больш падобна да Антося, другія — наадварот — да Хрысціны. А ў заключэнне ўсе амаль гаварылі адно і тое самае, што Валечка яшчэ малая, што яшчэ нічога не пазнаеш. Можа каму што і здавалася, але ці хочацца псаваць людзям настрой такою справай? З уздыхам дзе-хто казаў: «Дзіця — яно і ёсць дзіця, няхай расце!»

На падворку зашумела грузавая машына і раптам сціхла. На кухню з нейкім паспешлівым тупатам увайшлі Антось і яна — Хрысціна.

— О, адразу абое, — прамовіла Тацяна, — мусіць, сустрэліся. Ну, давайце будзем снедаць.

Антось, у расхрыстанай, замазучанай кашулі, высокі, смуглявы хлапец, пачаў мыцца ля вядра з вадою, закасаўшы рукавы. Да яго далучылася Хрысціна. Памыўшыся, яна адышла ў бакоўку і зачыніла за сабою дзверы.

Увайшла Ядвіся з Валечкай на руках.

На стале ўжо ўсё пастаўлена — і бульба, і агуркі, і нарэзаны хлеб, і на патэльні падсмажана некалькі скварак.

Выйшла з бакоўкі Хрысціна — прычэсаная, прыбраная. Залацістыя валасы льснілі дзвюма тоўстымі косамі, якія спускаліся ніжэй паясніцы. Статная, танклявая, з шэрымі вялікімі вачыма... Здавалася, што стаіць Хрысціна не пасярэдзіне змрочнай кухні, а недзе сярод сонечнага лугу, сярод кветак і зялёных траў.

Снедалі паціху. Часам хто ўставіць адно-два словы — то пра надвор’е, то пра гарод, што вось трэба выбіраць агуркі. Валечка таксама прымала ўдзел у снеданні і гутарцы. Яна шваргатала, седзячы на каленях у Ядвісі, час ад часу ловячы роцікам лыжачку з параным малаком.

Раптам неяк павольна адчыніліся дзверы і ў кухню ўвайшоў незнаёмы чалавек у саламяным капелюшы, з кіем у руцэ і з дарожным мяшком за плячыма. Незнаёмы даў «добры дзень» і пачаў праціраць вочы ад змроку, што ахапіў яго пасля сонечнага святла.

Ён расказаў, што іх група — чатыры чалавекі — прыехала на возера павудзіць рыбу, што вось ён шукае, дзе б купіць агуркоў на снеданне, і зайшоў сюды, бо так параілі людзі ў вёсцы.

Ядвіся аддала Валечку Хрысціне і ўстала, каб ісці ў камору па агуркі. Тым часам гаспадыня Тацяна думала сваё — яна не выцерпела, каб не задаць свайго пытання зусім незнаёмаму чалавеку.

— Выбачайце, я хачу ў вас нешта спытацца. Толькі вы скажыце праўду.

— Ну што? — азваўся незнаёмы.

— Вось паглядзіце на гэтую дзевачку. Да каго яна больш падобна — да бацькі ці да маці?

Такое пытанне для незнаёмага было нечаканым. Ён глядзеў на Валечку нясмела, нават сарамяжліва, паглядаў на Антося і Хрысціну і толькі паціскаў плячыма. Тацяна, затаіўшы дыханне, чакала адказу.

— Хто ведае, — адказаў незнаёмы. — Быццам больш падобна да маці, але ёсць, відаць, нешта і ад бацькі...

— Пакінула б ты гэтую гутарку, — амаль у адзін голас сказалі Антось і Хрысціна, — а то толькі людзям надакучаеш.

Незнаёмы, купіўшы агуркі, выйшаў. Як толькі заціхлі яго крокі за дзвярыма, Хрысціна пакінула есці і ўстала. Звяртаючыся да Антося, сказала:

— Больш тут жыць не хачу. Я табе ўжо не раз казала, што трэба аддзяліцца і пераязджаць у мястэчка, бліжэй да мамы.

— Калі табе тут нясоладка, можаш ісці, — буркнула свякроў, — я чыіхсьці байструкоў гадаваць не хачу.

— Адкуль вам вядома, што гэта чыйсьці байструк? Гэта байструк вашага сына...

— Вось людзі бачаць... — махнула недзе за акно Тацяна.

Антось маўчаў, панурыўшы галаву. Ён любіць Хрысціну і таму, хоць з болем, але вымоўчвае. Ядвіся зыркала вачыма — то на маці, то на Хрысціну, гатовая вось-вось умяшацца ў спрэчку.

Тым часам Хрысціна пасцяліла коўдру на падлозе, пасадзіла Валечку, даўшы ёй у ручку таго самага зялёнага папугайчыка, і стала апранацца.

— Куды ж гэта? Прывыкла кідаць дзіця... — кінула Тацяна.

— Калі табе цяжка, дагледжу я, — сказала Ядвіся.

Тацяна кінулася на Ядвісю з лаянкай: і халера, і пачвара, і гультай, і ўсялякія іншыя славечкі пайшлі ў ход. Умяшалася Хрысціна, і пачалася такая крыклівая мітусня, што аж маленькая Валечка, задраўшы галоўку, стала крывіцца і ўрэшце расплакалася. Антось узяў яе на рукі і крыкнуў на жанчын, каб сціхлі.

Праз некаторы час кухня апусцела. Антось паехаў недзе на сваім грузавіку, Хрысціна пайшла да мамы ў мястэчка, Ядвісю паклікаў брыгадзір, а сама Тацяна пайшла ў грады выбіраць агуркі. Маленькая Валечка засталася ў кухні адна са сваёй бразгаўкай-папугайчыкам. Яна вымахвала ім, брала ў роцік, сама сабе нешта выкрыквала. Маленькая бавілася адна, не заўважаючы свайго адзіноцтва.

Невядома, як бы гэта было доўга, каб не падышоў вусаты дзядзька, брат Тацяны — Апанас. Казалі людзі, што ва ўсёй вёсцы няма такога маўклівага чалавека, як гэты дзядзька. Ён служыў сторажам у калгасе, і людзі кожны вечар бачылі, як ён сядзіць пад страхою калгаснага свірна разам з сабакам — сядзіць, як застыглая статуя, аберуч узяўшыся за дубальтоўку.

Дзядзька Апанас увайшоў у кухню, глянуў туды-сюды — няма нікога з дарослых. Клікнуў Тацяну. Няма. Маленькая спалохана ўтаропілася ў вусатага дзядзьку і ў момант заплакала.

— Цябе адну пакінулі, малую... Ах, ах, — нейкім непаваротным языком прамовіў дзядзька, нахіляючыся да Валечкі. — Ну, то хадзі ка мне...

Дзядзька Апанас пасадзіў малую на калені, а яна ўсё плакала, палахліва гледзячы на пажоўклыя вусы дзядзькі. І папугайчыкавая бразгаўка не памагла, як ні стараўся бразгаць дзядзька. І што рабіць з малою? Усе разышліся невядома куды. Вось трапіў чалавек у бяду! А Валечка не сціхала.

— Ну ціха, котачка... Ну ціха... — скрыпучымі словамі суцяшаў дзядзька Валечку.

Урэшце на маршчыністым ілбе дзядзькі бліснула нейкая здагадка. Твар павесялеў. Дзядзька палез у кішэню і выняў адтуль не што іншае, як свісток — свой старажоўскі свісток з гарошынкай. Ён злёгку свіснуў, і Валечка сціхла раптам. Цяклі па шчочках апошнія слёзкі, а ручаняты цягнуліся да дзядзькавага свістка, які так нечакана памог скупым словам дзядзькі.

Увайшла Тацяна з мяшком агуркоў за плячыма і ўсё ж такі войкнула:

— Ой... Вось хто нам дзіця няньчыць...

— А што гэта ў вас за прывычка кідаць адно дзіця? Усякае можа быць.

Тацяна села, апусціла рукі, адпачывала. Глянула на Валечку і перавяла позірк на брата.

— Што ж, Апанас... не нашае гэта дзіця... — сказала яна бядуючы.

— Пустое гэта, Тацяна, выкінь з галавы...

— Вадзілася ж яна, Хрысціна, з тым, што паехаў на Урал, у шахты, — з Юркам...

— Мала хто з кім вадзіўся... Але прыйшло дзіця ў хату — лічы яго сваім. І няма чаго... Мала хто што...

Маўклівы брат хацеў яшчэ нешта сказаць, але сарваўся на паўслове і змоўк.

Валечка сядзела ў яго на каленях і бавілася свістком, які прынёс ёй такое шчаслівае супакаенне.